Голосование
Удовлетворяет ли Вас система организации питания в школе?
Всего 52 человека
Голосование
Считаете ли Вы рациональным организацию горячего питания в учреждении образовании?
Всего 40 человек
Голосование
Удовлетворены ли Вы санитарным состоянием столовой, качеством приготовления пищи?
Всего 42 человека
Голосование
В мероприятиях какого характера Вы хотели бы участвовать в рамках 6-го школьного дня?
Всего 447 человек

План-конспект урока белорусской литературы "Экалагічная скіраванасць верша П.Панчанкі "Сармацкае кадзіла"

Дата: 26 декабря 2018 в 20:39, Обновлено 26 декабря 2018 в 21:07

План-канспект урока беларускай літаратуры

«Экалагічная скіраванасць верша

П. Панчанкі “Сармацкае кадзіла”

                                                                                     Карп Т.І., настаўнік беларускай мовы

                                                         і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа №1

                                                         г.п. Карэлічы”

                                                        

Задачы:

  • выпрацоўваць навыкі аналізу паэтычнага твора, пашыраць слоўнікавы запас вучняў, развіваць самастойнасць мыслення вучняў, уменне выказваць свае пачуцці;
  • вызначаць погляды аўтара твора на ўзаемаадносіны чалавека і прыроды, праблемы экалогіі;
  • прыцягнуць увагу вучняў да прыродаахоўных зон Карэліцкага раёна;
  • выхоўваць беражлівыя адносіны да ўсяго жывога на зямлі, дабрыню і міласэрнасць.

АБСТАЛЯВАННЕ: Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь, выстава кніг, малюнкаў і фотаздымкаў аб роднай прыродзе; музычны кампакт-дыск “Гукі прыроды”, экалагічныя карты раслін і жывёл Карэліцкага раёна, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення і занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Папярэдняя падрыхтоўчая работа да ўрока:

(За два тыдні да ўрока дзялю клас на групы і прапаную кожнай з груп апераджальныя заданні – дадатак 2).

Эпіграф: “Мы зберажом і зуброў, і чалавечнасць, і старыя вежы,   і ўсплёскі вады, і дзіва сонечных палян, і вуркатанне дзікага голуба,  і святую, гучную цішыню Пушчы. Тады будзе мір. Усяму жывому. Настане такі час. Прырода адплаціць дабром: неўміручымі дубамі, стронгавымі рэчкамі, якія так ласкава мыюць пыльныя ногі, сонцам і крыштальным небам, якое не захмарваюць дым і пыл”.

У. Караткевіч

Уступ-пралог (вучні агучваюць эпіграф да ўрока).

Гэтыя словы паслужаць эпіграфам не толькі да сённяшняга ўрока, але і да ўсяго раздзела “Зямля мая – зялёны дом”. Творы гэтага раздзела дапамогуць асэнсаваць сувязь чалавека з прыродай. Ужо ў самім слове “прырода” закладзены глыбокі сэнс. Корань, “сэрца” гэтага слова – “род”. Гэтага ж кораня словы “Радзіма”, “народ”, “нарадзіцца”, “радня”.

Ці задумваліся вы, што ваша радня – гэта не толькі мама, тата, брацік, сястра, бабуля, дзядуля? Ці адчуваеце вы, што вашы сваякі – гэта і нічыйнае кацяня, і беспрытульны галодны шчанюк, і бусел, што ўжо многія гады вяртаецца ў роднае гняздо да вясковай хаты?

ІІ. Мэтавызначэнне.

Паспрабуем знайсці адказ на пытанні:

  • што адбываецца, калі чалавек забывае пра сваю далучанасць  да прыроды;
  • даведаемся, якія праблемы хвалявалі паэта, чым ён жыў, на што спадзяваўся;
  • пазнаёмімся з прыродаахоўнымі заказнікамі Карэліцкага раёна;
  • распрацуем меры па ахове прыродных рэсурсаў.

ІІІ. Выкладанне тэмы ўрока.

1. Слова настаўніка пра паэта і яго творчасць.

Пімен Панчанка – гэта паэт асаблівага светабачання, светаадчування. Адной з любімых тэм паэта з’яўляецца прырода – гэта вечная і хвалюючая тэма мастацтва. Дзяцінства яго прайшло на Віцебшчыне, у Бягомлі – лясным краі, які славіцца сваёй непаўторнай прыгажосцю.

“Мяне заўсёды здзіўляла, – піша паэт у эсэ “Пра сябе”, – якія ў нас разнастайныя, непаўторныя лясы. Для беларускіх хлапчукоў лес – першая школа, зялёная энцыклапедыя. Ён шуміць, пяе, шалясціць, кукуе, перагукваецца, вые, гудзе, грозна маўчыць. Духмяная звонкая зямля, родны дом, напоўнены казкамі, паданнямі, легендамі. З  малых гадоў усе мы вучыліся пасвіць у лесе кароў, збіраць ягады і грыбы, вязаць венікі, выразаць з балотнай бярозы чачоткавыя кіі, а з лазы − дудкі і свісткі, знаходзіць птушыныя гнёзды, запасаць на зіму арэхі і рабіну. Мы ніколі не баяліся свайго лесу”.

– Вершы Пімена Панчанкі – гэта вяртанне да тых мясцін, “дзе начуе жаваранак”, да “духмяных і пахучых палёў”, да розных вытокаў. Сэнс уласнага жыцця і сваёй творчасці народны паэт Беларусі выказаў радкамі:

Я вершы пішу, бо душа растрывожана

Любоўю і болем да кожнага з вас.

– Паэзія П. Панчанкі  сцвярджае дабро, актыўна супрацьдзейнічае ўсяму кепскаму, што ёсць у нашым жыцці. Такую паэзію называюць публіцыстычнай, бо яна звернута да грамадскіх праблем. Звернемся і мы да верша П. Панчанкі “Сармацкае кадзіла”.

2. Уводзіны ў тэму твора.

- Ці часта мы з вамі задумваемся над пытаннем: што такое прырода? (Флора і фаўна).

- Давайце паразважаем, якое месца ў нашым жыцці займаюць кветкі? (Разважанні дзяцей).

- На зямлі ёсць мноства кветак. Якія кветкі ведаеце вы?

- Ці любіце збіраць букеты?

- А якія кветкі вы больш любіце? Садовыя ці палявыя?

- А вы не задумваліся, чаму на Беларусі некаторых кветак засталося вельмі мала?

3. Гутарка пра Чырвоную кнігу.

- Ці ведаеце вы, з якой мэтай стваралася Чырвоная кніга?

- Чаму ўзнікла неабходнасць у такой кнізе?

- Якія расліны і птушкі ўнесены ў Чырвоную кнігу?

4. Паведамленне вучня (індывідуальнае дамашняе заданне).

З гісторыі ўзнікнення Чырвонай кнігі

Міжнародная камісія, у склад якой уваходзілі буйныя вучоныя з усяго свету, прыйшла да вываду: каб выратаваць жывёльны і раслінны свет, неабходна збіраць звесткі аб усіх рэдкіх, знікаючых (або якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення) відах жывёл і раслін. Спіс такіх відаў (першы варыянт Чырвонай кнігі) пачаў афіцыйна выдавацца ў 1966 годзе ў швейцарскім горадзе Морхе. У Беларусі Чырвоная кніга пачала выходзіць з 1981 года (занесена 80 відаў жывёл і відаў раслін).

Другое выданне кнігі выйшла ў 1993 годзе (занесена 182 віды жывёл і 214 відаў раслін).

Чырвоная кніга – гэта не толькі напамін аб небяспецы, гэта перш  за ўсё заклік да дзеяння.

IV. Разгляд верша “Сармацкае кадзіла”.

1. Тлумачэнне назвы твора.

(Вучань знаходзіць у Чырвонай кнізе азначэнне і зачытвае ўсяму класу).

Кадзіла сармацкае – рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай вынішчэння. Меданосная, дэкаратыўная і лекавая расліна. Шырока выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне. На першы погляд яна нагадвае крапіву. Для захавання віду неабходна надзейная ахова месцаў, дзе яна расце. Сустракаецца ў Беларусі ў Брэсцкай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях. Расце асобнымі групамі ў дубовых, грабавых, змешаных лясах.

(Дэманструецца здымак гэтай расліны).

2. Выразнае чытанне верша П. Панчанкі “Сармацкае кадзіла”.

3. Слоўнікавая работа.

Сарматы – старажытны народ Усходняй Еўропы.

Кадзіла – металічная пасудзіна на ланцужках, у якой у час набажэнства курыцца ладан або іншыя пахучыя рэчывы.

Ладан – араматычная смала.

Пяршыць, пярхота – сухі кашаль.

4. Пытанні і заданні да твора.

- Што ўбачылі падчас чытання верша?

- Што пачулі?

- Што адчулі?

- Якім убачылі фон верша?

- Сфармулюйце тэму (пра што?) і ідэю твора (думку аўтара, вывад).

- Што так узрушыла паэта і прымусіла ўзяцца за такую тэму?  (Аўтар узрушаны праблемай знікнення раслін. Паэт перажывае, што ўсе названыя ў вершы расліны збеглі ў Чырвоную кнігу).

- Выпішыце ў алфавітным парадку назвы раслін, занесеных у Чырвоную кнігу.

(Венерын чаравічок, ворлік, званочак, кураслеп лясны, меч-трава, мядзведжая цыбуля (чарамша), пазнацвет, сармацкае кадзіла,  сон-трава).

(Падчас праверкі дэманструюцца фотаздымкі раслін).

- Знайдзіце і зачытайце радкі, якія перадаюць адчуванні аўтара ад таго, што зніклі кветкі.

(“Ходзіш, ходзіш – і пяршыць у горле. Плач “асірацелая душа”).

- Чаму душу аўтар называе асірацелай?

(Прырода, наша родная зямля – наша другая маці. Яе знікненне прынясе чалавеку толькі горыч. Кветкі дораць прыгажосць, а не стане іх – свет стане не такім яркім і прывабным).

- Шукаем адказ на роспачна-трывожнае пытанне: хто вінаваты?  (Крыўдна ад усведамлення таго, што вінаваты мы самі: ты, я).

- Што, па словах паэта, людзі пакінуць сваім нашчадкам, калі не спыняць знішчэнне прыроды?

V. Прадстаўленне ўласных напрацовак вучняў.

- Разглядаючы верш “Сармацкае кадзіла”, мы разумеем тое, што аўтар хоча да нас (чытачоў) данесці. З дапамогай якіх мастацкіх сродкаў дасягаецца такі эфект? Сваімі даследаваннямі дзеляцца “Літаратуразнаўцы”.

(Вучні гэтай групы прадстаўляюць міні-даследаванне  “Роля мастацкіх сродкаў у раскрыцці ідэйнага зместу верша”).

- Давайце яшчэ раз прачытаем верш і паспрабуем перадаць заклапочанасць і надзею лірычнага героя на тое, каб “зноў расцвіў чаравічок венерын і званочак сіні ў лесе рос”.

- Як дзяржава ўплывае на захаванне і зберажэнне прыроднага багацця?

(Дзяржаўныя органы ўлады канралююць выкарыстанне прыродных рэсурсаў, ствараюцца запаведнікі, заказнікі, нацыянальныя паркі).

- Якія запаведнікі і заказнікі вы ведаеце? Ці наведвалі вы іх?

(Запаведнікі – Бярэзінскі, Палескі рацыянальна-экалагічны, Прыпяцкі; нацыянальныя паркі – Белавежская пушча, Налібоцкая пушча, Браслаўскія азёры).

- А ці ведаеце вы, што ў межах нашага раёна таксама створаны вядомыя запаведнікі, на тэрыторыі якіх вядзецца актыўная работа па захаванню багатай фаўны і флоры. Словы нашым эколагам, якія сабралі і падрыхтавалі для вас цікавыя звесткі. Упэўнена, што для многіх з вас прадстаўлены матэрыял стане адкрыццем (Дадатак 3, 4).

- Што вас прыемна ўразіла, здзівіла, выклікала пачуццё гонару?

(Вучні дзеляцца сваімі ўражаннямі, адкрыццямі, адчуваннямі).

- А якія захады і меры трэба прадпрыняць, каб “расцвіў чаравічок венерын і званочак сіні ў лесе рос?”

(Абарона праекта (Дадатак 5).

- Праблема, закранутая ў вершы, безумоўна, выходзіць за рамкі ўрока. Гэта экалагічная праблема хвалюе ўсіх, хто не раўнадушны да ўсяго жывога. Як рэагуе на яе грамадкасць, прадставяць журналісты-аналітыкі.

(Вучні слухаюць інтэрв’ю, якія іх аднакласнікі бралі ў настаўнікаў, бацькоў і проста знаёмых).

- Зноў звяртаемся да верша. А далей аўтар задаецца пытаннем:  (як бы “голас” аднекуль). “А можа, не варта плакаць па траве і кветках? Адрадзілі ж мы зуброў, баброў. Адродзім і кветкі”.

- Ваша меркаванне? Што думаеце вы?

(Вучні ўступаюць у палеміку з “голасам”).

- Ці не прасцей не знішчаць, каб потым адраджаць. А пакуль адродзіцца загубленае, знішчанае, колькі часу пройдзе? Чым дыхаць зараз? Сёння, прыйшоўшы ў вясновы лес, хочацца ўбачыць сапраўдны цуд прыроды – чаравічок венерын, сармацкае кадзіла. Адна назва чаго варта?

- Перачытайце яшчэ раз эпіграф да ўрока, асэнсуйце пачутае на ўроку.

- Да якога пераканання вы прыйшлі?

(Толькі ад нас залежыць, якой ўбачаць будучыя пакаленні нашу прыроду: жывой, яркай, шматфарбнай ці ад яе застануцца толькі экспанаты ў музеях).

VI. Падвядзенне вынікаў урока, выстаўленне і каменціраванне адзнак.

VII. Рэфлексія “Упрыгожым букет”.

Вучні бяруць выразаныя з паперы кветкі чырвонага (урок быў вельмі цікавым), жоўтага (нешта не атрымалася на ўроку) і сіняга (каму не зусім спадабаўся ўрок) колераў і ўпрыгожваюць галінку, намаляваную на вялікім аркушы паперы.

VIII. Дамашняе заданне.

1. Падабраць вершы беларускіх паэтаў на экалагічную тэму  (1-2 узровень).

2. Знайсці легенду, якая б тлумачыла паходжанне назвы кветкі  (3 узровень).

3. Напісаць невялікае сачыненне-разважанне “Кветкі – прыгажосць жыцця” (4 узровень).

5. Спытаць у сваіх бабуль, якія лекавыя травы яны ведаюць, калі збіралі іх і як лячыліся імі? Падзяліцца сваімі ўражаннямі ад пачутага  (5 узровень).

Дадатак 2.

Група “Літаратуразнаўцы” (працуюць пад кіраўніцтвам настаўніка).

1. Даследаваць ролю мастацкіх сродкаў у раскрыцці ідэйнага зместу верша П.Панчанкі “Сармацкае кадзіла”.

Група “Эколагі”

1. Сабраць матэрыял пра заказнікі, размешчаныя на тэрыторыі Карэліцкага раёна.

2. Распрацаваць праект на тэму “Якія загады і меры прадпрыняць, каб “між светлых беларускіх рос зноў зацвіў чаравічок венерын і званочак сіні ў лесе рос”.

Група “Журналісты-аналітыкі”

1. Узяць інтэрв’ю ў сваіх сяброў, настаўнікаў, бацькоў і проста знаёмых: “Што думаюць гэтыя людзі аб цяперашнім стане прыроды”.

Магчымыя пытанні:

- Як вы ацэньваеце стан прыроды на сённяшні дзень?

- Ці хвалюе вас экалагічная праблема?

- Якой вам бачыцца яе вырашэнне?

Дадатак 3.

Прыродаахоўныя зоны Карэліцкага раёна

Рэспубліканскі гідралагічны заказнік “Міранка”

Рэспубліканскі гідралагічны заказнік “Міранка” на тэрыторыі Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці створаны Пастанаўленнем Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 632 ад 25 верасня 1996 года  ў мэтах стабілізацыі гідралагічнага рэжыму рэк Нёмана і Ушы.

Неабходнасць аховы заказніка абумоўлена ўзрастаючымі антрапагеннымі нагрузкамі і пагрозамі захавання каштоўнага прыроднага комплексу, сярод якіх найбольшую небяспеку ўяўляюць гідратэхнічная меліярацыя, лесагаспадарчая дзейнасць і пажары.

На тэрыторыі заказніка растуць 2 віды вышэйшых раслін і выяўлены месцы пражывання 7 відаў жывёл, якія падлягаюць ахове ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам.

На тэрыторыі заказніка выдзелена 15 катэгорый асабліва каштоўных участкаў, якія займаюць 30% яго плошчы. Сярод іх месцы пражывання ахоўных відаў раслін і жывёл, дастаткова рэдкіх для рэгіёна, але шырока распаўсюджаных на тэрыторыі заказніка, буйныя масівы адкрытых пераходных і нізінных балот.

Своеасаблівае ядро заказніка ўяўляе балотны масіў “Міранка”,  ці “Воўчае балота”, які размешчаны ў паўднёвай частцы ахоўнай зоны.

У межах заказніка растуць 2 віды рэдкіх ці знікаючых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

1. Ласняк Лядзеля. На тэрыторыі заказніка сустракаецца вельмі рэдка. Адзначаны толькі ў квартале №80 Мірскага лясніцтва. У дадзеным месцазнаходжанні выяўлены 2 расліны.

2. Пуханос альпійскі. На тэрыторыі заказніка сустракаецца рэдка. Адзначаны ў кварталах №77, 78.

Акрамя таго, на тэрыторыі заказніка  адзначана 12 відаў, якія ўключаны ў спіс дзікарастучых дэкаратыўных, лекавых, харчовых і іншых гаспадарча-карысных відаў раслін, якія маюць патрэбу ў прафілактычнай ахове і рацыянальным выкарыстанні на тэрыторыі рэспублікі: званочак персікалісны, арніка горная, пальчатакарэннікі балтыйскія, мясачырвоны і пятністы, дрэмлік чамярэцавідны, пералеска высакародная, сінюха, горац змяіны, васіліснік, пузырчатка і канюшына люцікавая.

На тэрыторыі заказніка выдзелены дзве зоны: зона ўзнаўлення і зона палявання (паляванне вядзецца на капытных. Паляванне носіць спартыўна-аматарскі характар).

Улічваючы высокую навуковую, ландшафтную і біялагічную каштоўнасць ахоўнай прыроднай тэрыторыі перспектыўнай формай рэкрэацыйнага выкарыстання можна лічыць экалагічны турызм.

Лесагаспадарчая вытворчасць не носіць інтэнсіўнага характару і складваецца, у асноўным, з работ па догляду за лясным масівам. Найбольш актыўная рэкрэацыйная дзейнасць адзначаецца на паўночных участках, якія падыходзяць к левабярэжжу ракі Нёман. Тут неарганізаванымі турыстамі ладзяцца доўгачасовыя лагеры, пікніковыя паляны, назіраецца пашкоджанне драўнінна-хмызняковай расліннасці і зямельнага покрыва, павялічваецца пагроза пажараў. Рэкрэацыйнае выкарыстанне астатняй часткі тэрыторыі невялікае. У асноўным складаецца з аматарскага рыбалоўства, збору грыбоў і ягад, палявання.

Дадатак 4.

Біялагічны заказнік мясцовага значэння “Графская пушча”

Біялагічны заказнік мясцовага значэння “Графская пушча” створаны на тэрыторыі Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Гродзенскай вобласці ў мэтах захавання ў натуральным стане каштоўных лясных фармацый з комплексам рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Тэрыторыя заказніка “Графская пушча” непасрэдна прымыкае  к рэспубліканскаму ландшафтнаму заказніку “Налібоцкая пушча”.

На тэрыторыі заказніка расце 9 відаў раслін (арніка горная, баранец звычайны, валдырнік ягадны, касацік сібірскі, канюшына люцікавая, лілея паўночная, любка зялёнацвятковая, тайнік яйцавідны, шпажнік) і пражывае 11 відаў жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (сырць, вусач, чаротная жаба, балотная чарапаха, філін, вялікі бугай, шэры журавель, вялікі кроншнеп, чорны бусел, малы падворнік, рысь).

Нямала ў флоры заказніка гаспадарча-карысных відаў раслін – лекавых, харчовых, кармавых, меданосных, дэкаратыўных і тэхнічных, з якіх 40 мае патрэбу ў прафілактычнай ахове і рацыянальным выкарыстанні.

Лясныя, лугавыя і балотныя ўгоддзі багаты на ягадныя і грыбныя рэсурсы, рэсурсамі лекавых, гаспадарчых каштоўных раслін.

Тут маюцца буйныя зараслі чарніц, бруніц, часта сустракаюцца суніцы, парэчкі чорныя і чырвоныя, каліна, рабіна, чаромха. Асабліва вялікія зараснікі маліны. Яны займаюць плошчу 1128 га. Сярод шляпачных грыбоў найбольш распаўсюджаныя баравікі, падасінавікі, падбярозавікі, махавікі, маслянкі, лісічкі, чорныя грузды. У забалочаных сасняках сустракаюцца журавіны і буякі.

Неабходнасць стварэння заказніка абумоўлена ўзрастаючымі антрапагеннымі нагрузкамі і пагрозамі захавання каштоўнага прыроднага комплексу, сярод якіх найбольшую небяспеку ўяўляюць забруджанасць акаляючага асяроддзя, гідратэхнічная меліярацыя, нерацыянальная лесагаспадарчая дзейнасць.

Дадатак 5.

ПРАЕКТ

на тэму ”Якія захады і меры патрэбна прадпрыняць,

каб між светлых беларускіх  рос зноў расцвіў чаравічок венерын і званочак сіні ў лесе рос”

1. Абмежаваць пракладку меліяратыўных сістэм, якая можа прывесці к дадатковаму асушэнню тэрыторыі, а значыць, к нарушэнню гідралагічнага рэжыму.

2. Забараніць пашкоджанне і знічтажэнне драўнінна-хмызняковай расліннасці, так як такія дзеянні парушаюць асяроддзе пражывання раслін і жывёл, многія з якіх з’яўляюцца рэдкімі для Беларусі.

3. Абмежаваць разбіўку турыстычных лагераў, развядзенне вогнішчаў, каб пазбегнуць пагрозы пажараў.

4. Забараніць выпас скаціны і сенакос у перыяд з красавіка па чэрвень, што звязана з інтэнсіўным размнажэннем птушак і жывёл у гэты перыяд.

5. Забараніць размяшчэнне адыходаў вытворчасці і спажывання.

6. Забараніць прамысловую нарыхтоўку тэхнічнай і лекавай сыравіны.

7. Забараніць стаянку аўтамабіляў у месцах, не прадназначаных для гэтых мэт.

Пімен Панчанка “Сармацкае кадзіла”

Адспявалі трубы залатыя,

Лета захлынулася ў расе.

Кветкі ў лесе ёсць,

Але не тыя:

Да Чырвонай кнігі збеглі ўсе.

Дзе ты, кураслеп лясны?

Дзе ворлік?

Дзе мядзведжая цыбуля - чарамша?

Ходзіш, ходзіш –

I пяршыць у горле...

Плач, асірацелая душа.

А калісь было ўсяго надзіва!

Як збяднеў у нас зялёны свет.

Дзе знайсці сармацкае кадзіла,

Сон-траву, і меч-траву, і познацвет.

Вінаваты ў гэтым не сарматы,

Вінаваты ўсе мы – ты і я:

Каб адчуць сцюдзёны водар мяты,

За сто вёрст ляціць мая сям’я.

Душна ад жалезнага прагрэсу:

Дружна падразаем жылы лесу,

Траў і кветак топчам карані,

Ад зялёнай адракаемся радні.

Што ты плачаш па траве і кветках?

Адрадзілі ж мы зуброў, баброў...

Ну, а чорны бусел? Вельмі рэдкі,

А заўсёды быў з людскіх сяброў.

Многа ліха – ды усюды ціха.

А зямля дакуль будзе цярпець?

А нашчадкам нашым

Чым жа дыхаць? –

Мы ўжо задыхаемся цяпер.

Трэба нам і захады і меры,

Каб між светлых беларускіх рос

Зноў расцвіў чаравічок венерын

I званочак сіні ў лесе рос.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.